Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Гомлі прыняў рашэньне аб пераводзе грамадзянкі Швайцарыі Натальлі Хершэ ў турму


Натальля Хершэ на лаве падсудных. Менск, 7 сьнежня 2020

Пра гэта Свабодзе паведаміў брат Натальлі Генадзь Касьян. У судзе яму сказалі, што «прадстаўленьне ПК-4 аб пераводзе ў турму задаволена». У якую турму будуць пераводзіць, вырашыць адмiнiстрацыя.

Суд Чыгуначнага раёну Гомля 24 верасьня разгледзеў справу: «Аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і зьмяненьні ўмоў рэжыму» для палітзьняволенай грамадзянкі Швайцарыі Натальлі Хершэ. Гэтае паседжаньне значылася ў раскладзе суду.

Справу судзьдзя Мікалай Крупадзёраў разглядаў на выязным пасяджэньні ў папраўчай жаночай калёніі, дзе Натальля адбывае тэрмін.

Натальля Хершэ ўжо больш за год знаходзіцца ў зьняволеньні. Яе затрымалі 19 верасьня 2020 году пасьля жаночага маршу. У сьнежні ёй прысудзілі 2,5 года калёніі агульнага рэжыму за сарваную з супрацоўніка АМАПу балаклаву.

Турэмны тэрмін ураджэнка Воршы адбывае ў папраўчай калёніі ў Гомлі. Брат палітзьняволенай Генадзь Касьян за апошнія чатыры месяцы атрымаў толькі адзін ліст ад сястры, у якім тая напісала, што цікавіцца творамі Салжаніцына і спрабуе бавіць час з карысьцю для цела і розуму.

За час зьняволеньня Хершэ пасьпела ўжо пабываць у штрафным ізалятары (ШЫЗА) і памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ) за адмову шыць форму для сілавікоў.

З атрыманага ў верасьні ліста Генадзь Касьян зрабіў выснову аб тым, што ў ПКТ Натальлю не займаюць працай і яна мае больш вольнага часу для самаадукацыі. Падчас паўгадзінных прагулак яна займаецца спортам. Піша скаргі на ўмовы ўтрыманьня ў калёніі і просіць брата даведацца пра тое, што адбываецца зь яе заявамі.

Вядома, што Натальлю Хершэ тройчы ўгаворвалі напісаць заяву аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, але яна катэгарычна адмовілася рабіць гэта. Сваёй віны яна не прызнае.

Брат палітзьняволенай: «Гэта катаваньне»

Брат палітзьняволенай Генадзь Касьян сказаў, што ставіцца да такога рашэньня суду адмоўна.

«Калёнія гэта калёнія, усё ж была надзея, што яна можа выйсьці з ПКТ, што можа быць дасягнуты кампраміс з адміністрацыяй аб іншай працы, якая ня будзе прыніжаць яе годнасьць. Я думаю, калі б была зацікаўленасьць з боку адміністрацыі, то яго можна было б знайсьці, — кажа Генадзь. — Калі яны вырашылі пайсьці на абвастрэньне і эскаляцыю, стварыць для сястры яшчэ больш невыносныя ўмовы, то тут можа выказаць толькі шкадаваньне. Абсалютна незаконнае рашэньне і катаваньне ў выглядзе ўмоваў утрыманьня. То бок зачыняюць у клетку, хочуць такім чынам дасягнуць сваёй мэты: каб напісала памілаваньне ці прызнала сваю віну».

Паводле Генадзя, сястра будзе «ісьці да канца, унутры яна была гатовая да такога разьвіцьця падзей». Ён чакае, што праз амбасадара, сустрэчу зь якім павінна адбыцца неўзабаве, Натальля перадасьць яму больш падрабязную інфармацыю. Генадзь выказвае сястры словы падтрымкі.

Чым адрозьніваецца турма ад калёніі

Жанчыны ў Беларусі «маюць перавагу» над мужчынамі толькі ў тым, што не падлягаюць вышэйшай меры — расстрэлу, і пажыцьцёваму зьняволеньню. У астатнім яны адбываць пакаранае ў такіх жа ўмовах, як і мужчыны. У тым ліку жанчынам могуць пагоршыць рэжым і перавесьці з калёніі, дзе можна больш-менш вольна хадзіць па тэрыторыі, у турму. Там жанчына будзе ўвесь час у памяшканьні — камэры.

Калёнія — гэта самае распаўсюджанае ў краіне месца адбыцьця пакараньня. У Беларусі цяпер 15 папраўчых калёній, зь іх толькі дзьве жаночыя: у Гомлі, дзе цяпер знаходзіцца Натальля Хершэ, і ў Рэчыцы. У іх вязьні ходзяць у сталовую, на працу, могуць выходзіць на закрытую тэрыторыю калёніі, а не знаходзяцца ўвесь час у камэры, як у турме.

У Беларусі тры турмы — у Гародні, Магілёве і Жодзіне. У турме, як і ў сьледчых ізалятарах, камэрная сыстэма. Гэта значыць, што вязьняў трымаюць у закрытых памяшканьнях цягам усяго дня, зь невялікім (гадзінным) выхадам на прагулку ў турэмны дворык. Калі ў сьледчым ізалятары трымаюць падазраваных, у дачыненьні да якіх ідуць сьледзтва ці суд, дык у турме сядзяць тыя вязьні, каго ўжо пакаралі судом да зьняволеньня, але вырашылі даць яшчэ і закрыты турэмны рэжым за парушэньні падчас адбываньня пакараньня.

Хто такая Натальля Хершэ:

Палітзьняволеную грамадзянку Швайцарыі Натальлю Хершэ пакаралі пазбаўленьнем волі на 2,5 года ў калёніі агульнага рэжыму. Такі прысуд вынес 7 сьнежня мінулага году суд Савецкага раёну Менску. Яе абвінавацілі ў «супраціве з гвалтам».

На жаночым маршы 19 верасьня 2020 году ў Менску Натальля Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага амапаўца Сяргея Кончыка. Суд прысудзіў таксама, каб Натальля сплаціла пацярпеламу 1000 рублёў кампэнсацыі.

Натальля Хершэ
Натальля Хершэ

Натальля Хершэ не прызнала сябе вінаватай у тым, што брала ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і нанесла драпіну амапаўцу, калі здымала балаклаву.

На агучваньні прысуду Натальля была ў вопратцы белага і чырвонага колераў.

У сакавіку 2021 году Натальлю Хершэ перавялі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі. Натальля скардзілася на ўмовы ўтрыманьня і дасылала на волю малюнкі сваіх сукамэрніц.

За адмову шыць форму для сілавікоў яе зьмясьцілі ў ШЫЗА, а потым перавялі ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). У канцы верасьня 2021 году суд вырашыў перавесьці яе ў турму.

Натальля Хершэ тройчы адмаўлялася ад прапаноў напісаць заяву аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, бо лічыць сябе невінаватай.

Міністар замежных спраў Швайцарыі запатрабаваў ад уладаў Беларусі вызваліць Натальлю Хершэ.

Амбасадар Шавйцарыі Клёд Альтэрмат наведвае Натальлю ў калёніі.

51-гадовая Натальля Хершэ мае беларускае і швайцарскае грамадзянства, нарадзілася ў Воршы, але цягам апошніх 12 гадоў стала жыла ў Санкт-Галене, у Швайцарыі. Там жывуць яе дзеці — 23-гадовая Вiялета і 27-гадовы Хведар. Дачка вучыцца ва ўнівэрсытэце Цюрыху, але цяпер вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак.

Бацькі Натальлі Хершэ
Бацькі Натальлі Хершэ

Бацькі Натальлі памерлі ад анкалёгіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG