Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маргарыта Ляўчук з «дыджэямі пераменаў» запісала кавэр на легендарную песьню Цоя


Опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук пад акампанэмэнт «дыджэяў пераменаў» Кірыла Галанава і Ўлада Сакалоўскага запісала кавэр песьні Віктара Цоя «Хочу перемен».

У 1986 лідэр гурту «Кино» Віктар Цой напісаў песьню «Хочу перемен!». Цяпер канцэрты гурту праходзяць зь відэапраекцыяй Цоя, які загінуў у 1990 годзе.

Песьня «Хочу перемен!» стала адным з гімнаў беларускага пратэсту 2020 году. 6 жніўня 2020 году гэтую песьню нечакана запусьцілі два дыджэі на дзяржаўным мерапрыемстве, якое зладзілі ўлады ў Кіеўскім сквэры Менску, куды выбарнікі прыйшлі, каб сустрэцца з кандыдаткай у прэзыдэнты Сьвятланай Ціханоўскай.

Дыджэяў Кірыла Галанава і Ўлада Сакалоўскага арыштавалі, пазьней яны выехалі з краіны.

Адзін з двароў на вуліцы Чарвякова, непадалёк ад Кіеўскага сквэру, жыхары назвалі «плошчай Пераменаў». У ім на трансфарматарнай будцы стварылі і некалькі разоў аднаўлялі мурал «Дыджэі свабоды».

15 верасьня на «плошчы Пераменаў» затрымалі Сьцяпана Латыпава, які патрабаваў ад людзей, якія прыехалі зьнішчыць мурал, назвацца. 1 чэрвеня 2021 году на судзе Латыпаў зрабіў спробу суіцыду.

11 лістапада 2020 году ў гэтым двары людзі, якія прыехалі зразаць белыя і чырвоныя стужкі, пабілі Рамана Бандарэнку, які на наступны дзень памёр у лякарні.

Былая салістка Вялікага тэатру Беларусі Маргарыта Ляўчук брала ўдзел у перадвыбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі ў 2020 годзе. Яна адказвае ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве за пытаньні культуры і нацыянальнай спадчыны. У сувязі зь перасьледам у Беларусі, пачатым падчас яе гастроляў у Літве, была вымушаная застацца там зь сярэдзіны восені 2020 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG