Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяржаўны гандаль людзьмі», «Мы сталі ідыётамі Пуціна і Лукашэнкі». У якіх выразах заходнія палітыкі камэнтуюць мігранцкі крызіс

абноўлена

На беларуска-польскай мяжы

Выступаючы з заявамі і камэнтарамі да падзеяў, што разгортваюцца на мяжы Беларусі з Эўрапейскім зьвязам, заходнія палітыкі нярэдка выкарыстоўваюць моцныя эпітэты і выразы.

Прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль 10 лістапада наведаў Варшаву, каб сустрэцца з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім. Мішэль выказаў салідарнасьць з польскім урадам і прапанаваў выкарыстаньне некаторых памежных фондаў.

«Польшча, якая перажывае сур’ёзны крызіс, павінна карыстацца салідарнасьцю і адзінствам усяго Эўрапейскага Зьвязу. Гэта гібрыдны напад, жорсткі напад, гвалтоўны напад і ганебны напад. І пасьля такіх атак адзіны адказ — дзейнічаць рашуча, згуртавана і ў адпаведнасьці з нашымі асноўнымі каштоўнасьцямі», — сказаў Шарль Мішэль у Варшаве.

Прэм'ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі, выступаючы на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з Шарлем Мішэлем, назваў сытуацыю зь мігрантамі каля польскай мяжы "ціхай помстай" Лукашэнкі і абвінаваціў Беларусь у "дзяржаўным тэрарызьме".

Выканаўца абавязкаў канцлера Нямеччыны Ангела Мэркель падчас тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным 10 лістапада папрасіла яго паўплываць на рэжым у Менску.

«Выкарыстаньне мігрантаў беларускім рэжымам бесчалавечнае і непрымальнае, — працытаваў словы канцлера яе прадстаўнік Штэфэн Зайбэрт.

Паводле Зайбэрта, Мэркель лічыць, што цяпер на польска-беларускай мяжы адбываецца «санкцыянаваны дзяржавай гандаль людзьмі».

Прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Ўршуля фон дэр Ляен у сувязі зь мігранцкім крызісам заявіла:

«Мы павінны абараняць нашы дэмакратыі ад такога кшталту цынічнай геапалітычнай сілавой гульні. Мы падзяляем думку аб тым, што гэта напад аўтарытарнага рэжыму з мэтай дэстабілізаваць дэмакратычных суседзяў, і ён ня будзе мець посьпеху».

Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Жузэп Бурэль, выступаючы 10 дістапада перад журналістам, заявіў, што карані цяперашняга міграцыйнага крызісу — у рэжыме Лукашэнкі, «які ня мае ніякай павагі да чалавечай годнасьці і чалавечага жыцьця». Бурэль назваў дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі «відавочным адказам на нашыя санкцыі».

«Вы ўводзіце супраць мяне санкцыі, я ствару вам праблемы. Калі мне давядзецца паставіць у небясьпеку людзей, каб стварыць непрыемнасьці, я так і зраблю», — гэтак Жузэп Бурэль апісаў дзеяньні Лукашэнкі і дадаў:

«Гэта не вайна, але гэта напад. Гэта ператварэньне людзей у зброю». Паводле яго, «адчай людзей, якія шукаюць лепшага жыцьця, дазваляе нялюдзкаму дыктатару выкарыстоўваць іх як зброю, якую можна кідаць аб сьцяну».

Дэпутат Эўрапарлямэнту Робэрт Бедрань раскрытыкаваў урад Польшчы за ігнараваньне рэкамэндацый ЭЗ у сваіх дзеяньнях на мяжы. Ён заклікаў спыніць антыдэмакратычную дзейнасьць Лукашэнкі, «пакуль сытуацыя на мяжы не ператварылася ў могілкі».

Акрамя таго, Бедрань раскрытыкаваў і Эўразьвяз за адсутнасьць больш рашучых крокаў супраць дыктатуры ў Беларусі.

«Лукашэнка і Пуцін сёньня адкаркоўваюць шампанскае, гледзячы, як яны нас падзяляюць. Яны шчасьлівыя, што польскі ўрад трапіў у расстаўленую імі пастку. Мы патрацілі месяцы, заклікаючы польскі ўрад адумацца і пачаць супрацоўніцтва з ЭЗ. Што зрабіў польскі ўрад? Ён палохаў нас уцекачамі, заяўляў, што яны прапагандуюць заафілію, што сярод іх ёсьць пэдафілы, што ў іх ёсьць паразыты. Мы чуем гэта апошнія некалькі месяцаў. З прычыны рознагалосьсяў мы сталі ідыётамі Пуціна і Лукашэнкі [...]

Гэты дыктатар, які 26 гадоў прымяняе тэрор супраць сваіх грамадзян, мучыць людзей. Сёньня ў Беларусі больш палітычных зьняволеных, чым чальцоў гэтай палаты, больш, чым сяброў Эўрапарлямэнту.

Людзі паміраюць, цярпяць катаваньні, і мы як Эўрапарлямэнт прымаем чарговыя рэзалюцыі, а Вярхоўны камісар робіць выгляд, што ня чуе нас, як у тых дэбатах. Дзе цяпер Эўразьвяз? Чым мы можам супрацьстаяць Лукашэнку? Сёньня з прычыны бязьдзейнасьці ЭЗ і дзеяньняў польскага ўраду не відаць, што мы нешта робім. Гэта ўжо ня жоўтае сьвятло, гэта чырвонае», — сказаў Робэрт Бедрань.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 18 і 22 лістапада ўрад Іраку зладзіў два эвакуацыйныя рэйсы, якія агулам вывезьлі зь Беларусі звыш 500 мігрантаў, на 25 і 26 лістапада заплянаваныя яшчэ 4 рэйсы.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG