Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насуперак санкцыям прэм’ер Галоўчанка абяцае рост эканомікі і зьніжэньне інфляцыі


Раман Галоўчанка

На фоне пятага пакету заходніх санкцый прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка расказаў пра «высокія паказьнікі» экспарту беларускай прадукцыі. Па яго словах, беларускія прадпрыемствы змаглі «правільна зарыентавацца і падстроіцца пад каньюнктуру».

«Я вылучыў бы тое, што называюць „беларускім экспартным цудам“. Нашы крытыкі кажуць — маўляў, пашанцавала... Мы не зрабілі нічога ўнікальнага, проста скарысталіся каньюнктурай. Калі недзе ёсьць попыт, шмат вытворцаў гатовыя яго задаволіць, акрамя нас. Тое, што прадпрыемствы нашы аказаліся разваротлівымі, мабілізаваліся, здолелі своечасова тую хвалю злавіць, гэта і прынесла лепшыя вынікі па якасных паказьніках экспарту за апошняе дзесяцігодзьдзе, што прыемна, па неэнэргетычным экспарце», — цытуе кіраўніка ўраду БелТА.

Галоўчанка заявіў, што сёлета сусьветная эканоміка ў цэлым «у стане хаосу». Асноўным рэзэрвам росту ён бачыць «зьнешні попыт».

«Санкцыйны ціск, безумоўна, будзе аказваць уплыў на эканоміку. Пандэмічная тэма не сыходзіць з парадку дня. Гэта, зразумела, накладае адбітак на работу сусьветнай эканомікі. Зноў краіны ўводзяць карантыны, лакдаўны. Яшчэ невядома, як усё будзе разьвівацца. Але для сябе мы плянуем эканамічны рост на ўзроўні ня меншым за 2%. Хоць нам кажуць, што гэтага немагчыма дасягнуць. Але ўжо шмат гадоў кажуць», — сказаў кіраўнік ураду.

Пры гэтым Галоўчанка пакпіў зь «несуцяшальных прагнозаў» незалежных эканамістаў: маўляў, Белгідрамэт лепш угадвае, чым яны.

Паводле Галоўчанкі, у наступным годзе ўрад таксама засяродзіцца на барацьбе з інфляцыяй, якая не павінна перавысіць 6%. Па выніках гэтага году паказьнік можа быць удвая большы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG